СПАЛУ́ЧАНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

дзве складаныя рэакцыі, якія адбываюцца пры наяўнасці прынамсі аднаго агульнага рэагенту, прычым адна з рэакцый выклікае ці паскарае другую.

Прыклад С.р. — акісленне сульфату жалеза(II) FeSO4 і ёдзістага вадароду HI пераксідам вадароду H2O2; FeSO4 акісляецца незалежна ад прысутнасці HI, а акісленне НІ ідзе толькі ў прысутнасці FeSO4. Такая перадача рэакцыйнай здольнасці ад адной рэакцыі да другой наз. хімічнай індукцыяй. Яе механізм абумоўлены ўдзелам аднолькавых прамежкавых актыўных часціц у кожнай са С.р., напр., рэакцыі акіслення FeSO4 і НІ адбываюцца з удзелам радыкалаў OH, якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні FeSO4 і H2O2. Адыгрываюць важную ролю ў біяхіміі: біясінтэз бялкоў і нуклеінавых кіслот у клетцы — рэакцыі, спалучаныя з гідролізам пірафасфатнай сувязі ў адэназінтрыфосфарнай кіслаце (АТФ).

т. 15, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)